Дзейнасць паланафільскай групы Ф. Умястоўскага і...

6
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны» ГІСТАРЫЧНЫЯ ШЛЯХІ, УЗАЕМАДЗЕЯННЕ І ЎЗАЕМАЎПЛЫВЫ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА І СУСЕДЗЯЎ Зборнік навуковых артыкулаў Гомель ГДУ імя Ф. Скарыны 2014

Transcript of Дзейнасць паланафільскай групы Ф. Умястоўскага і...

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Установа адукацыі

«Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны»

ГІСТАРЫЧНЫЯ ШЛЯХІ, УЗАЕМАДЗЕЯННЕ

І ЎЗАЕМАЎПЛЫВЫ

БЕЛАРУСКАГА НАРОДА І СУСЕДЗЯЎ

Зборнік навуковых артыкулаў

Гомель

ГДУ імя Ф. Скарыны

2014

111

УДК 94(476) 1921/1939

А. С. Горны Гродзенскі дзяржаўны

ўніверсітэт імя Янкі Купалы

ДЗЕЙНАСЦЬ ПАЛАНАФІЛЬСКАЙ ГРУПЫ Ф. УМЯСТОЎСКАГА І

БЕЛАРУСКАЙ РАДЫКАЛЬНАЙ НАРОДНАЙ ПАРТЫІ

Ў ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ (1927–1928 ГГ.)

У артыкуле аналізуюцца асаблівасці ўтварэння і дзейнасці ў Заходняй Беларусі міжваеннага

перыяду беларускай паланафільскай групы, лідарам якой з’яўляўся беларускі пісьменнік Ф.

Умястоўскі. Аўтар раскрывае прычыны ўтварэння дадзенай групы, характаразуе яе праграмныя

мэты, звяртае ўвагу на ролю часопіса “Беларускі дзень” у выпрацоўкі паланафільскай ідэалогіі.

Акрамя гэтага ў артыкуле адлюстраваны такія аспекты праблемы, як утварэнне на аснове групы

Умястоўскага Беларускай радыкальнай народнай партыі і яе ўдзел у выбарчай акцыі ў польскі

парламент. На падставе аналіза крыніц аўтар прыходзіць да высновы аб нязначнай падтрымкі

паланафілаў беларускім насельніцтвам міжваеннай Польшчы.

Асоба Францішка Умястоўскага з’яўляецца даволі вядомай для даследчыкаў гісторыі

беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ ст. Гэты грамадскі дзеяч і літаратар стаяў ля

вытокаў першых беларускіх палітычных і культурных арганізацый, прымаў удзел у выданні

першай легальнай беларускай газеты “Наша доля”, друкаваўся на старонках “Нашай нівы”.

Тым не менш, некаторыя эпізоды жыцця Ф. Умястоўскага, якія непасрэдна былі звязаны з

праблемамі беларуска-польскіх узаемадачыненяў у міжваенны перыяд, сёння далёкія ад

вычарпальнасці. Перад усім гэта датычыцца дзейнасці Умястоўскага і яго паплечнікаў па

арганізацыі ў Заходняй Беларусі беларускай паланафільскай групы і стварынню на яе аснове

Беларускай радыкалнай народнай партыі. Дадзеная палітычная сіла не вызначылася

асаблівай актыўнасці ў тагачасным грамадска-палітычным жыцці, аднак пакінула цікавы

след у развіцці паланафільскага кірунку беларускага нацыянальнага руху ў міжваеннай

Польшчы.

Невялікія звесткі аб палітычнай дзейнасці Ф. Умястоўскага ў міжваеннае

дваццацігоддзе сустракаюцца ў энцыклапедычных і публіцыстычных артыкулах У.

Лебедзева [1], А. Ліса [2] і Я. Мірановіча [3]. Тым не менш, сведчанні з гэтых прац толькі

канстатуюць факт, што Умястоўскі ў разглядаемы перыяд знаходзіўся на паланафільскіх

пазіцыях і выдаваў часопіс “Беларускі дзень”. Больш падрабязней праблему існавання

паланафільскай групы Умястоўскага ў Заходняй Беларусі закранула польская даследчыцца К.

Гамулка [4, s. 69 – 70]. Яна фактычна ўпершыню ў гістарыяграфіі зрабіла спробу асвятлення

праграмных мэтаў групы і яе арганізацыйнай працы на заходнебеларускай палітычнай сцэне.

Аднак па сённяшні дзень у айчыннай і замежнай гістарычнай навуцы адсутнічаюць

спецыяльныя даследаванні, у якіх падрабязна раскрываліся б рознабаковыя аспекты

фарміравання і дзейнасці паланафільскай групы Умястоўскага. Па-ранейшаму ў

гістарыяграфіі не прааналізавана роля Ф. Умястоўскага ў развіцці беларускага

паланафільства, што вызначае значную актуальнасць дадзенай праблемы для сучаснага

пакалення гісторыкаў беларускага нацыянальнага руху.

Пасля дзяржаўнага пераварота маршала Пілсудскага ў 1926 г. нацыянальная палітыка

польскіх уладаў зведала кароткачасовыя змены. Ва ўрадавых колах пачалі больш ўважліва

ставіцца да вырашэння “беларускага пытання” ў Польшчы, прапануючы змяніць

нацыянальную асіміляцыю беларусаў на дзяржаўную [5, с. 46]. Польскія грамадскія дзеячы і

палітыкі падавалі ва ўрад розныя праекты зменаў у нацыянальнай палітыкі адносна

славянскіх меншасцяў, у якіх падкрэслівалі неабходнасць падтрымкі беларускіх школ і

арганізацый. Не апошнюю ролю у гэтым працэсе адыгрывала узрастаючая папулярнасць

112

Беларускай сялянска-работніцкай грамады, якая стала адной з самых масавых партый у

Польшчы. Забарона дзейнасці Грамады ў студзені 1927 г. і арышт яе лідараў выклікалі

пэўнае абурэнне ў беларускім грамадстве ды ў шмат чым прымусілі ўрад зрабіць шэраг

захадаў па змяншэнню напружанасці і адцягванню беларускай інтэлігенцыі ад прасавецкіх

сіл [6, с. 187]. Быў атрыманы дазвол на адкрыццё новых беларускіх школ, уведзена

абавязковае навучанне беларускай мовы ў польскіх гімназіях у Заходняй Беларусі, скарочаны

тэрмін зняволення лідарам Грамады. Можна дапусціць, што яшчэ адной мерай па

паляпшэню сітуацыі на т. зв. “крэсах” з’яўлялася арганізацыя выпуску беларускага

праўрадавага часопіса і згуртавання вакол яго групы інтэлігенцыі, якая трансліравала б у

беларускае грамадства прапольскія ідэі. На нашу думку, для ажыццяўлення гэтага плану

польскімі ўладамі якраз і быў пакліканы Ф.Умястоўскі. Паводле паведамленняў прэсы, яго

кандыдатура была прапанавана вядомым польскім інтэлектуалам і публіцыстам Л.

Васілеўскім [7]. Яшчэ ў пачатку сваёй грамадскай і літаратурнай дзейнасці, Умястоўскі

выяўляў значную прыхільнасць да польскага дэмакратычнага руху [8, с. 262]. Больш таго,

польскае асяроддзе мела на гэтага дзеяча вельмі вялікі ўплыў: паводле ўспамінаў нават яго

жонка была носьбітам польскай свядомасці і выказвала незадаволенасць удзелам мужа ў

беларускім руху [9, s. 57].

7 сакавіка 1927 г. у Вільні пад рэдакцыяй Ф. Умястоўскага выйшаў першы нумар

тыднёвага часопіса “Беларускі дзень”. У першым рэдакцыйным артыкуле пазначалася, што

толькі народ з высокай духоўнай і матэрыяльнай культурай можа разлічваць на дасягненне

сваіх нацыянальных ідэалаў [10, с. 1]. Паводле аўтараў часопіса, беларускі селянін свае

культурныя і эканамічныя патрэбы цалкам мог забяспечыць у межах Польскай дзяржавы.

Таму ў “Беларускім дні” значная ўвага надавалася праблемам культурнага развіцця,

мясцовага самакіравання, вялікім па аб’ёму быў сельска-гаспадарчы аддзел часопіса.

Прытрымліваючыся палітычнай паланафільскай лініі, рэдакцыя часопіса заклікала да

“братэрскага супрацоўніцтва” беларусаў, палякаў і іншых народаў краю [11]. Узорам

беларуска-польскіх узаемадачыненняў для часопіса былі часы “філаматаў і філарэтаў,

паўстання 1863 г.” [11, с. 2]. Пры гэтым, супрацоўніцтва беларусаў і палякаў павінна было

ажыццяўляцца пры поўнай лаяльнасці да ўраду пілсудчыкаў і ў згодзе з польскімі

дэмакратычнымі партыямі. Паланафілы ўзнімалі перад беларускім грамадствам адмысловую

задачу – спрыяць ажыццяўленню ідэяў майскага пераварота маршала Пілсудскага [12, с. 2].

Вялікае месца ў часопісе “Беларускі дзень” надавалася крытыцы савецкага эканамічнага і

палітычнага ладу [10, с. 1 – 2]. Варта таксама заўважыць, што Умястоўскі імкнуўся

падкрэсліць ідэалагічную пераемнасць свайго выдання з газетай “Наша доля”, што, па

сутнасці, наўмысна рабілася дзеля пашырэння чытацкага кола і ўзмацнення вагі сярод

палітычных праціўнікаў.

Беларускія левыя і нацыянальна-дэмакратычныя групы сустрэлі акцыю Умястоўскага

даволі адмоўна. “Клапоцячыся аб даваньні беларускай масе “здаровае духоўнае стравы”,

вольнае ад усялякае “антыпаньствовасьці” – урад прыступіў да выданьня новае часопісі ў

беларускай мове пад назовам “Беларускі дзень” – паведамляла беларуская газета левага

кірунку “Наша воля” [13, c. 3]. Інфармацыю аб тым, што новы часопіс выдавалі польскія

ўлады, змясціў і друкаваны орган хрысціянскіх дэмакратаў “Беларуская крыніца”. Выданне

Беларускага сялянскага саюза “Сялянская ніва” называла Умястоўскага “ваўком у авечай

шкуры” [14]. З іншага боку, польскія газеты віталі з’яўленне новай паланафільскай

структуры. Напрыклад, “Кур’ер Віленскі” жадаў рэдакцыі часопіса “Беларускі дзень”

паспяховага развіцця [15]. Літоўскі друк даволі аб’ектыўна ацэніў акцыю Умястоўскага,

падкрэсліўшы, што пасля разгрому Грамады польскія ўлады шукалі ў беларускім грамадстве

лаяльных дзеячоў для наладжвання ўзаемных стасункаў [7].

Цікавым уяўляюцца узаемадачыненні Ф. Умястоўскага з іншымі паланафільскімі

групамі. У 1927 г. у Вільні дзейнічала паланафільская Беларуская нацыянальная рада, на

чале якой стаяў А. Паўлюкевіч. Як паведамляла польская паліцыя, Умястоўскі

113

першапачаткова згадзіўся на супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй, аднак Паўлюкевіч

катэгарычна адмовіўся сумесна працаваць з ім як на культурна-асветніцкім, так і палітычным

напрамку [16, арк. 15]. Паміж двума лідарамі паланафілаў пачалася вострая канкурэнтная

барацьба, дзе кожны абвінавачваў адзін аднаго ў адсутнасці глыбокіх “паланафільскіх ідэй” і

перакананяў [17, s. 7]. Сутнасць дадзенага канфлікта вельмі добра адлюстравалі мастакі-

карыкатурысты з беларускага сатырыстычнага часопіса “Маланка”. У гэтым выданні

з’явілася даволі цікавая карыкатура, на якой маладая маці (польскі ўрад) корміць малаком з

грудзей двух сваіх сыноў – Умястоўскага і Паўлюкевіча – прыгаворваючы “Ціха дзеткі,

ціха… Аднэй маткі малачко сасеце, дык павінны жыць згодна і пакорна” [18].

Паступова вакол Умястоўскага і яго выдання пачала фарміравацца невялікая група

прыхільнікаў. У яе ўваходзілі былы камуніст, лідар т. зв. “сэцэсіі” КПЗБ М. Гурын,

публіцыст і літаратар Макар Косцевіч, былыя паланафільскія дзеячы Ф. Цяўлоўскі і Я.

Міткевіч, студэнты Я. Бартуль, А. Зянюк, Я. Зянюк і інш. [17, s. 8]. Паказальна, што ў цесных

стасунках з адзначанай групай знаходзіўся пачынаючы малады паэт Міхась Васілёк (Міхась

Косцевіч), які друкаваў на старонках “Беларускага дня” свае вершы. Дзеля агляду сіл,

Умястоўскі арганізаваў 25 кастрычніка 1927 г. у Вільні “канферэнцыю карэспандэнтаў і

прыхільнікаў часопіса “Беларускі дзень”, на якой прысутнічала каля 30 чалавек [19, арк. 44;

20, s. 2]. Падчас свайго дакладу аб ідэалогіі часопіса, ён падкрэсліў: “Вялікую памылку

робяць тыя беларускія і польскія палітыкі, якія хочуць выкапаць прорву паміж беларусамі і

палякамі і зрабіць непраходным той адзіны шлях, які вядзе да згоднага сужыцця гэтых двух

народаў у межах Польскай дзяржавы... Майскі пераварот, як трыумф і ўзмацаванне

польскай дэмакратыі, дае вялікую надзею на тое, што прорва гэтая будзе закопана” [21,

c. 4]. Пацвярдзіўшы вернасць паланафільскім ідэалам, Умястоўскі таксама заклікаў сваіх

прыхільнікаў у палітычным плане дамагацца здабыцця аўтаноміі для заходнебеларускага

краю ў межах Польшчы [21, c. 5]. Акрамя гэтага, на канферэнцыі было вырашана ўтварыць

на базе рэдакцыі часопіса новую палітычную арганізацыю, якая атрымала назву Беларускай

радыкальнай народнай партыі (БРНП) [20, s. 2].

Праграма новаўтворанай партыі цалкам адпавядала палітычнай лініі групы

Умястоўскага. БРНП выступала за паляпшэнне гаспадарчага і культурнага становішча

беларускага народа ў межах Польшчы [22, с. 4]. Галоўнае месца ў праграме партыі займала

агучанае вышэй палажэнне аб прадастаўленні ўсходнім ваяводствам Польшчы

тэрытарыяльнай аўтаноміі з сеймам у Вільні [17, s. 8]. Тым не менш праграмныя мэты БРНП

выглядалі даволі размытымі і абстрактнымі: нягледзячы на прысутнасць прыметніка

“радыкальны” ў назве, партыя не вылучала ніякіх радыкальных патрабаванняў, якія б

закраналі жыццёва важныя праблемы беларускага насельніцтва ў Польшчы. Квінтэсэнцыяй

праграмы БРНП была памяркоўная і лаяльная пазіцыя адносна польскіх уладаў ды ідэя, што

ў межах польскага заканадаўства беларус зможа забяспечыць для сябе ўсе неабходныя

патрэбы.

Кіраўнічым органам БРНП з’яўляўся Выканаўчы камітэт, на чале якога стаяў сам Ф.

Умястоўскі. 26 кастрычніка 1927 г. на сваім першым пасяджэнні Выканаўчы камітэт зрабіў

першыя арганізацыйныя крокі: абвясціў часопіс “Беларускі дзень” партыйным органам,

пастанавіў пачаць арганізацыю культурна-спартыўнага таварыства “Сокал”, разаслаў сваім

прыхільнікам дакументы для арганізацыі мясцовых аддзелаў партыі [23, c. 2 – 3].

Прадстаўнікі БРНП дзейнічалі ў наступных гарадах і вёсках Заходняй Беларусі – у Гродна

(М. Адамовіч), Баранавічах (Ф. Цяўлоўскі), в. Баброўня Гродзенскага павета (Міхась

Косьцевіч), в. Пенховічы Навагрудскага павета (Янка Дэшкоўскі), в. Ізабелін Дзісненскага

павета (Янка Тарыкаў), м. Любча (Міхась Канчук) [23, c. 3]. Аднак трэба адзначыць, што

паланафілам так і не ўдалося стварыць шырокую сетку аддзелаў сваёй партыі на правінцыі.

У мясцовага насельніцтва, прасякнутага прапагандай Грамады, адсутнічала асаблівая

прыхільнасць да паланафільскіх ідэй. Так, напрыклад, жыхары мястэчка Турэц прагналі

агітатара з БРНП, бо палічылі яго словы падманам [24].

114

Арганізуючы акцыю Умястоўскага, польскія ўлады магчыма мелі на мэце выкарстаць

паланафілаў у палітычнай гульне падчас парламенцкіх выбараў, якія былі прызначаны на

сакавік 1928 г. Можна дапусціць, што па разліках уладаў паланафільская агітацыя павінна

была адцягнуць пэўную частку выбаршчыкаў ад беларускіх леварадыкальных і нацыянальна-

дэмакратычных груп. Таму фактычна адразу пасля свайго ўтварэння БРНП уключылася ў

перадвыбарчую дзейнасць. 27 лістапада 1927 г. прадстаўнікі партыі прынялі ўдзел у

Краёвым народным з'ездзе літоўска-беларускіх земляў, на якім прысутнічалі таксама

дэлегаты ад Сялянскай партыі, партыі “Вызваленне” і Саюза дробных земляробаў [19, арк.

28]. На з’ездзе быў утвораны Краёвы народны саюз літоўска-беларускіх земляў

“Аб’яднанне”, куды БРНП дэлегавала 8 сяброў [19, арк. 28]. Краёвы саюз “Аб’яднанне” у

выбарчай акцыі цалкам падтрымліваў прыхільнікаў існуючага рэжыма. 21 студзеня 1928 г.

ён разам з БРНП далучыўся да арганізацыі пілсудчыкаў – Беспартыйнага блоку

супрацоўніцтва з урадам (ББСУ) – і пачаў весці агітацыю на яго карысць [25]. Прыхільнікі

Краёвага саюза пачалі распаўсюджваць свае ўлёткі і арганізоўваць агітацыйныя сходы ў

заходнебеларускіх паветах [26, арк. 300, 322]. У “Беларускім дні” неўзабаве з’явіліся адозвы

ў падтрымку ББСУ і яго выбарчага спісу №1. У адной з іх падкрэслівалася: “Мы галасуем за

№1… з тае прычыны, што пры сучасных умовах глыбокага крызісу і развалу ўсіх

палітычных партый і груп, - толькі адзін маршалак Пілсудскі патрапіць стварыць моцны,

нязменны ўрад, завесці ў Польшчы справядлівы лад і парадак, …споўніць справядлівыя

дамаганні беларускага народа ў галіне палітычнай, гаспадарчай і культурнай” [27]. Трэба

адзначыць, што па спісах ББСУ у некаторых беларускіх выбарчых акругах у парламент

вылучаліся і сябры БРНП, напрыклад, Я. Шурпа [28, с. 100].

Пасля выбараў “Беларускі дзень”, выканаўшы сваю прапагандысцкую ролю,

паступова вярнуўся да культурна-гаспадарчай тэматыкі. На яго старонках у гэтыя часы

ўвогуле адсутнічаюць сведчанні аб дзейнасці БРНП, што дае падставы меркаваць аб

фактычным развале гэтай партыі ўвесну 1928 г. Ад Умястоўскага пачалі адыходзіць яго

прыхільнікі і сябры. Яшчэ зімой 1928 г. публічна з групай Умястоўскага разарваў усе сувязі

Міхась Косьцевіч (Міхась Васілёк) [29]. Сам часопіс паступова пачаў выходзіць

неперыядычна, магчыма, з-за фінансавых цяжкасцей. Апошні нумар “Беларускага дня”

выйшаў 25 кастрычніка 1928 г. Пасля гэтага рэдактар часопіса Ф. Умястоўскі адышоў ад

выдавецкай дзейнасці і цалкам знік на заходнебеларускім палітычным даляглядзе [3].

Такім чынам, паланафільская акцыя Ф. Умястоўскага і дзейнасць Беларускай

радыкальнай народнай партыі мелі нязначны ўплыў на палітычнае развіццё беларускага

грамадства ў міжваенай Польшчы. Спроба кантактаў польскіх уладаў з вядомымі

прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі, якім з’яўляўся Умястоўскі, не набыла шырокай

падтрымкі сярод беларусаў. Арганізаваная з мэтай змяншэння напружанасці ў Заходняй

Беларусі, група Умястоўскага аказалася не прыцягальнай для большасці беларускіх

палітыкаў і дзеячоў па прычыне сваёй празмернай лаяльнасці да ўладаў. У тагачаснага

беларускага насельніцтва Польшчы назіралася адсутнасць попыту на паланафільскія ідэі,

што ў шмат чым было абумоўлена той палітыкай нацыянальнай асіміляцыі, якую праводзіў

польскі ўрад на працягу 1920-х гадоў.

Крыніцы і літаратура

1. Лебедзеў, У.А. Умястоўскі Франц / У.А. Лебедзеў // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр.

слоўн. У 6 т. / Пад рэд. А.В. Мальдзіса; Рэдкал.: І.Э. Багдановіч і інш. – Мінск: БелЭн, 1995. – Т. 6. –

С. 126 – 127.

2. Ліс, А. Умястоўскі Франц Іванавіч / А. Ліс // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Рэдкал.:

Г.П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. – Мінск: БелЭн, 2001. – Т.6. Кн. 1: Пузыны – Усая. – С. 582.

3. Мірановіч, Я. Дзядзька Пранук / Я. Мірановіч // Ніва. – 2000. – 13 жніўня (№ 33). – С. 4

4. Gomółka, K. Białoruskie partie i organizacje prorządowe w II Rzeczypospolitej / K. Gomółka //

Białoruskie Zeszyty Historyczne. – 1997. – №7. – S. 63 –74.

115

5. Загідулін, А.М. Беларускае пытанне ў польскай нацыянальнай і канфесійнай палітыцы ў

Заходняй Беларусі (1921 – 1939 гг.) / А.М. Загідулін. – Гродна: ГрДУ, 2010. – 183 с.

6. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII ст. да пачатку ХХІ ст. / А.

Латышонак, Я. Мірановіч. – Вільня-Беласток, 2010. – 368 с.

7. A-lis. Gudai, lenkų politika ir mes / A-lis // Vilniaus Aidas. – 1927. – № 52. – С. 1.

8. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і

літоўскіх землях. 1864 – 1917 г. / А.Ф. Смалянчук. – Гродна: ГрДУ, 2001. – 322 с.

9. Kozłowska-Głogowska, H. “Kali my pajedziem da tatki?” / H. Kozłowska-Głogowska //

Czasopis. – 2004. – № 7-8. – S. 55 – 59.

10. Вільня, 7 сакавіка 1927 г. // Беларускі дзень. – 1927. – № 1. – С. 1 – 3.

11. Наш шлях // Беларускі дзень. – 1927. – № 3. – С. 1 – 2.

12. Маёвы пераварот // Беларускі дзень. – 1927. – № 11. – С. 1 – 2.

13. “Беларускі дзень” // Наша воля. – 1927. – № 4. – С. 3 – 4.

14. З газет // Сялянская ніва. – 1927. – № 45. – С. 2.

15. Kronika // Kurjer Wileński. – 1927. – № 56. – S. 3.

16. Lietuvos centrinis valstybės archyvas (LCVA). – F. 51. – Ap. 7. – B. 356.

17. Partje polityczne białoruskie // Informator społeczno-polityczny Województwa Wileńskiego:

opracowany przez Wydział Bezpieczeństwa Publicznego Urzędu Wojewódzkiego w Wilnie. – Wilno, 1927.

– Zeszyt 4, Rozdział 3. – S. 3 – 23.

18. Маланка. – 1928. – № 1. – С. 1.

19. LCVA. – F. 51. – Ap. 7. – B. 296.

20. Smreczyński, K. Konferencja polonofilskiej grupy F. Umiastowskiego / K. Smreczyński //

Kurjer Wileński. – 1927. – № 256. – S. 2.

21. В. М. Конфэрэнцыя корэспондэнтаў і актыўных прыхільнікаў “Беларускага дня” / В. М. //

Беларускі дзень. – 1927. – № 32. – С. 3 – 5.

22. Аб праграме Беларускае Радыкальнае Народнае Партыі // Беларускі дзень. – 1927. – № 35.

– С. 2 – 4.

23. З жыцьця Беларускае Радыкальнае Народнае Партыі // Беларускі дзень. – 1927. – № 35. –

С. 2 – 3.

24. Умястоўскага “агітатары” працуюць // Голас працы. – 1928. – № 1. – С. 6.

25. Камунікат Выканаўчага камітэту Беларускай Радыкальнай Народнай Партыі // Беларускі

дзень. – 1928. – № 4. – С. 1.

26. Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці. – Ф. 662. – Воп. 3. – Спр. 11.

27. Беларускі дзень. – 1928. – № 7. – С. 3.

28. Кароткі нарыс беларускага пытаньня. – Мінск: Логвінаў, 2009. – 396 с.

29. Канец Умястоўшчыны // Думка працы. – 1928. – № 9. – С. 3.

The activity of F. Umiastouski's polonophilic group and Belarusian radical people's party in

Western Belarus (1927–1928). The article analyzes the characteristics of the formation and activity in

Western Belarus Belarusian interwar period polonophilic group at the head with belarusian writer F.

Umiastovski.

The author reveals the reasons for the formation of this group, describes its program aim, have

regarded to the role of the journal "Belarusian Day" in the generation polonophilic ideology. Besides, this

article reflects aspects such as education on the basis of a group Umiastovski Belarusian Radical People's

Party and its participation in the election campaign in the Polish parliament. Based on the analysis of sources

the author points that party had little support among Belarusian population of interwar Poland.